Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

17 верасня ў Беларусі будзе адзначацца Дзень народнага адзінства

Дата: 12 сентября 2021 в 23:34
Автор: Кулеш С. И.
91 просмотр

Гэты дзень стаў актам гістарычнай справядлівасці ў адносінах да беларускага народа, падзеленага супраць яго волі ў 1921 годзе па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора, і назаўсёды замацаваўся ў нацыянальнай гістарычнай традыцыі. Адноўленае ў 1939 годзе адзінства дазволіла Беларусі выстаяць у гады Вялікай Айчыннай вайны, заняць ганаровае месца ў міжнароднай супольнасці, стаць адным з сузаснавальнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Па гэты час некаторыя вуліцы ў гарадах і вёсках, асабліва былой Заходняй Беларусі, маюць назву «17 верасня». Нагадаем, Заходняй з 1921 года — у адпаведнасці з Рыжскім дагаворам — была частка сучаснай тэрыторыі Беларусі: да польскага паходу Чырвонай арміі яна і заставалася ў складзе Польшчы. Уз’яднанне ж Усходняй, савецкай часткі краіны, з Заходняй якраз і адбылося шмат гадоў таму.

Сам працэс уз’яднання тэрыторый, на якіх 18 гадоў панавалі розныя дзяржаўныя ідэалогіі, праходзіў вельмі няпроста. Вецер перамен закінуў тады тысячы суайчыннікаў з Заходняй Беларусі за межы Бацькаўшчыны. Шчасліва-трагічныя перадваенныя падзеі цяпер вывучаюць гісторыкі, а ў Расіі, Казахстане ды іншых краінах у некаторых беларускіх сем’ях памятаюць: 17 верасня — гэта пераломны момант і ў гісторыі іх роду.

Па дамове польскі бок павінен быў забяспечыць суверэнітэт далучаных беларускіх зямель, у выніку выйшла інакш — пачалася актыўна праводзіцца палітыка апалячвання, акаталічвання, папросту нацыянальна-культурнага прыгнёту. Дзейнічала забарона на зварот грамадзян у дзяржаўныя органы ўлады на беларускай мове. Да 1939 года на тэрыторыі Заходняй Беларусі не засталося ніводнай беларускай школы, ліквідаваная была беларуская прэса, выдавецтвы, бібліятэкі… У адказ на такую палітыку разгарнулася падпольная і партызанская барацьба пад эгідай Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Прычым важную ролю у ёй адыграла моладзь. Рух мацнеў. І за гэты час беларускі народ атрымаў палітычны досвед, вызначыў свой незалежны шлях. Мы павінны памятаць, з якой працай нашы продкі дамагаліся незалежнасці і права называцца народам, павагі і прызнання на міжнароднай арэне.

Сярод беларускіх пісьменнікаў і паэтаў былі тыя, хто стаў удзельнікам тых падзей. Як вядома ўсім са школы, вызваленне Заходняй Беларусі Максім Танк сустрэў вершам «Здарова, таварышы!» Сам актыўны змагар за ўз’яднанне Бацькаўшчыны, ён і ў турме, у віленскіх Лукішках сядзеў за сваю патрыятычную дзейнасць. А другі класік, Янка Брыль, у верасні 39-га быў жаўнерам у Войску польскім. У многіх творах — згадаем раман Піліпа Пестрака «Сустрэнемся на барыкадах», зборнікі вершаў Максіма Танка, творы Янкі Брыля «Сірочы хлеб», «Птушкі і гнёзды», — знайшлі адлюстраванне тагачасныя падзеі. Згадваючы пра даўні час, калі беларускі народ быў разарваны, мы аддаем даніну павагі тым сынам Бацькаўшчыны, хто набліжаў доўгачаканае свята. Дарэчы, у жніўні 45-га была прынята пастанова ЦК КП(б)Б: «Аб падрыхтоўцы і правядзенні святкавання 17 верасня — Дня ўз’яднання беларускага народа ў адзінай Беларускай дзяржаве».

Сучаснасць

Беларусы даказалі, што здольныя стварыць сваю палітычную сістэму, захаваць нацыянальную ідэнтычнасць. У сувязі з гэтым Дзень народнага адзінства будзе не толькі служыць напамінам аб гістарычным мінулым, але і будзе своеасаблівым пасылам у будучыню. Цікавасць да нашай гісторыі з боку грамадства ўсё ўзрастае. Мы можам доўга спрачацца аб аб’ектыўнасці навуковых падыходаў да яго ацэнкі. Але нельга адмаўляць той факт, што захаванне гістарычнай памяці мае выключнае значэнне для будучыні. Моладзь шукае адказы на сучасныя пытанні, звяртаючыся да гісторыі. Асабліва калі мы назіраем спробы дэзарыентаваць грамадства, навязаць штучныя стэрэатыпы, парушыць адзінства нашага народа. Каб супрацьстаяць гэтаму, паміж людзьмі павінна быць паразуменне і згода. Трэба шанаваць сваю гісторыю, традыцыі і той Нацыянальны падмурак, які стагоддзямі ўмацоўваўся ў барацьбе народа за адзінства і дзяржаўную незалежнасць. Чым больш мы будзем ведаць аб сваім гістарычным мінулым, тым менш будзе загадак. Напрыклад, такіх як лагер Бяроза-Картузская. У міжваенныя гады толькі згадка аб ім наводзіла жах. Мы павінны ведаць аб тых жахлівых злачынствах, аб тым, што там рабілася. Пра тое, што нацысты прыязджалі вучыцца ў Бярозу-Картузскую арганізацыі канцэнтрацыйнага лагера.

Прычым не толькі для беларусаў, але і для ўкраінцаў, палякаў. Многія лідары Беларускага і ўкраінскага нацыянальнага руху прайшлі праз яго. Гэта трэба ведаць.

Кожны павінен ведаць тое, што нас аб’ядноўвае. У дні народнага адзінства выявілася агульнае імкненне беларусаў бачыць сваю краіну незалежнай, моцнай, суверэннай, самастойнай.

Сёння беларускі народ адзіны ў выбары стратэгічнага курсу на развіццё моцнай, суверэннай і квітнеючай краіны. Устанаўленне Дня народнага адзінства 17 верасня падкрэслівае пераемнасць пакаленняў, непахіснасць і самадастатковасць беларускай нацыі і дзяржаўнасці

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.